КДБ спыняе перапіску з Сімбіровым адносна сканфіскаваных рэчаў
Музыка з Асіповічаў Ігар Сімбіроў звярнуўся ў КДБ наконт пытання, калі ён зможа атрымаць адказ на свой зварот да старшыні КДБ Беларусі Зайцава, зарэгістраваны ў аддзеле па зваротах грамадзян яшчэ 19 сакавіка. Супрацоўніца аддзела па зваротах грамадзян Цэнтральнага КДБ спадарыня Ракевіч адказала музыку, што пытанне было разгледжана на самым высокім узроўні і вырашана перапіску з Ігарам Сімбіровым спыніць. Таксама яна параіла музыку для вырашэння праблемы звяртацца ў суд.
“ Яшчэ 19 сакавіка я зарэгістраваў у аддзеле па зваротах грамадзян Цэнтральнага КДБ у Мінску пісьмовую скаргу на дзеянні старшыні ўпраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці Калача У. В., якую я напісаў на імя старшыні КДБ Беларусі Зайцава, - кажа Ігар Сімбіроў. – Я скардзіўся наконт таго, што ўжо год і тры месяцы супрацоўнікі КДБ не вяртаюць мне мае асабістыя рэчы, - гітару, нэтбук і прыватныя дзённікі, а таксама не адказваюць на пісьмовыя звароты. Прайшло больш за месяц пасля гэтай маёй скаргі ў Цэнтральны КДБ і зноў жа я ніякага адказу не атрымаў. Таму 25 красавіка я патэлефанаваў у аддзел па зваротах грамадзян Цэнтральнага КДБ, каб высветліць пытанне, ці даслалі мне адказ. Супрацоўніца гэтага аддзелу спадарыня Ракевіч адказала мне па тэлефоне, што пытанне разглядалася на самым высокім узроўні і вырашана ўсялякую перапіску са мной спыніць. На мае пярэчанні яна параіла мне звяртацца ў суд і паклала трубку”.
Пасля гэтага музыка паспрабаваў высветліць, чаму з ім ня хочуць размаўляць наконт яго ўласных рэчаў яшчэ па двух тэлефонных нумарах у Камітэце дзяржаўнай бяспекі.
“ Я патэлефанаваў супрацоўніку прэс-службы КДБ спадару Антановічу, які адказаў, што гэта пытанне не яго кампетэнцыі і паклаў тэлефонную трубку, - распавядае Ігар Сімбіроў. – Пасля пазваніў на тэлефон даверу КДБ, там супрацоўнік наогул нечага перапужаўся, адказаў “я каментароў не даю” і таксама кінуў трубку”.
Зараз музыка з Асіповічаў не бачыць іншай магчымасці дабіцца справядлівасці, акрамя звароту ў суд.
“ Буду з дапамогай праваабаронцаў рыхтаваць неабходныя дакументы і падаваць пазоў у суд на дзеянні супрацоўнікаў КДБ, іншага выйсця я проста не бачу”, - кажа Ігар Сімбіроў.