viasna on patreon

Лячэньне ў ЛПП: краты і лыжка рамонкавай настойкі

2013 2013-11-19T09:36:40+0300 2013-11-19T09:36:40+0300 be

У якіх умовах трымаюць і як лечаць тых, каго суды накіравалі лячыцца ад алькагалізму ў так званыя «лячэбна-працоўныя прафілякторыі (ЛПП)? Наш карэспандэнт высьвятляў гэта на досьведзе былога палітвязьня Васіля Парфянкова.

З канца верасьня былы палітвязень Васіль Парфянкоў знаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілякторыі, які разьмешчаны ў Сьветлагорску. Там Васілю Парфянкову давядзецца прабыць год, і толькі потым яшчэ на паўгода яго зьмесьцяць у арыштны дом паводле прысуду за парушэньне адбыцьця прафіляктычнага нагляду. У ЛПП Васіля Парфянкова накіравалі прымусова. Гэтак вырашыў Першамайскі суд Менску на падставе некалькіх пратаколаў аб адміністрацыйных парушэньнях, якія на яго склала міліцыя.

У якіх умовах трымаюць Васіля Парфянкова? Як яго лечаць ад злоўжываньня алькаголю, ці працуе былы палітвязень? Кінарэжысэр Вольга Мікалайчык зь верасьня двойчы наведвала Парфянкова ў сьветлагорскім ЛПП і можа, з ягоных словаў, адказаць на некаторыя з гэтых пытаньняў.

Паводле Васіля Парфянкова, як кажа Вольга Мікалайчык, ЛПП — гэта тая ж калёнія, але крыху больш мяккага рэжыму, чым агульны. У астатнім — тое самае: краты на вокнах і агароджа, за якую нельга выходзіць, рэгулярныя праверкі, сон і прыём ежы па раскладзе, у тэлевізары — толькі тыя праграмы, якія дазволіў ахоўнік, газэты чамусьці не атрымлівае, карыстаньне мабільнікам толькі з дазволу. Яшчэ невялікая саступка — перадачы можна прывозіць і сустракацца цягам гадзіны хоць штодня, але таксама пад наглядам. «І да Парфянкова чамусьці асаблівая ўвага», — адзначае Вольга Мікалайчык. 

«Мы калі заходзім у гэтую залю, дзе стаяць сталы для спатканьняў, дык ахоўнік пытаецца: „Хто да Парфянкова?“ Хаця там яшчэ 5 пар стаіць (там па двух да аднаго пускаюць). І нас садзяць перад ахоўнікам, і ён усё чуе, пра што мы размаўляем. Спакойна пагаварыць ні пра што немагчыма».

Усяго ў ЛПП Сьветлагорску ўтрымліваюць 1800 чалавек. Паводле зьвестак Васіля Парфянкова, частка зь іх працуе ў горадзе на прадпрыемствах і будоўлях, а астатнія занятыя на самазабесьпячэньні «прафілякторыя за кратамі». У тым ліку і Васіль Парфянкоў пакуль працуе толькі ўнутры ЛПП. Прыкладам, у дзень апошняга спатканьня з Вольгай Мікалайчык ён працаваў на кухні. Казаў, што, магчыма, пойдзе навучацца на курсы, верагодна, на зваршчыка, але гэта яшчэ ня вырашана. Грошай з заробку Васілю Парфянкову амаль ніякіх ня плацяць, паколькі вылічваюць за знаходжаньне ў ЛПП.

Як утрыманцаў ЛПП лечаць ад алькагалізму? — Вольга Мікалайчык падзялілася зьвесткамі, якія мае ад Васіля Парфянкова.

«Лячэньне палягае ў тым, што раз на дзень даюць лыжку рамонкавай настойкі, якая гатуецца проста: у кубак кіпеню дадаюць лыжку сухіх рамонкаў. А вось калі ён захварэў, дык яму не прапанавалі ніякага лячэньня, і пачалася моцная прастуда. Ён нават паскардзіўся пра гэта ў лісьце: „Тата перадаў мне, што яны прывезьлі таблеткі, але іх не прынялі“. І тут падабенства з зонай: бессэнсоўна дамагацца нейкага лекара. Ён там ёсьць, але ад усяго табе дадуць толькі асьпірын».

Ці можа даць такое лячэньне станоўчы вынік? — Вольга Мікалайчык кажа, што маральна Васіль Парфянкоў больш перажывае, чым калі трапляў у сапраўдную вязьніцу. Паварот у лёсе засьпеў Васіля Парфянкова ў вельмі важны пэрыяд ягонага жыцьця: ён сам зьбіраўся кінуць ужываць алькаголь, да таго ж стала вядома, што ягоная дзяўчына зацяжарыла, і ён думаў пра завядзеньне сям’і.

«Яны не пасьпелі расьпісацца, бо яго забралі на суткі і адтуль — адразу ў ЛПП. Напярэдадні ён яшчэ казаў мне, што назьбіраў на танны аўтамабіль грошай, што яму ўжо нецікава выпіваць, бо перарос гэты пэрыяд, што хоча набыць аўтамабіль, каб дзіця з жонкай на ім вазіць. Яшчэ казаў, што зьбіраецца вучыцца завочна. І вось раніцай яго зьмяшчаюць пад арышт на суткі, а адтуль, ня даўшы сабраць рэчы, адвозяць на ЛПП этапам».

Зараз, паводле Вольгі Мікалайчык, Васіль Парфянкоў дамагаецца пераводу са сьветлагорскага ЛПП у дзяржынскі, які бліжэй да Менска.

Усяго ў Беларусі 6 падобных устаноў, у якіх трымаюць каля 5 тысяч чалавек. Ці праўда, што колькасьць накіраваных у ЛПП можа хутка павялічыцца ў сувязі з будучым Чэмпіянатам сьвету па хакеі ў Менску, да якога нібыта міліцыі загадана адправіць на лячэньне максымум схільных да алькаголю людзей?

Прэсавы сакратар менскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі падобныя чуткі абверг, але паведаміў, што пэўная цыклічнасьць у гэтай працы магчымая, бо залежыць таксама ад рэгулярных прафіляктычных кампаніяў. Як схільныя да алькаголю людзі патрапляюць у ЛПП?

 «Патрапленьне на Акрэсьціна тут ні пры чым, наколькі я разьбіраюся ў гэтым пытаньні. Некалькі пратаколаў запар — вось асноўны фактар, то бок калі ёсьць паўторнасьць. Калі склалі адзін пратакол аб парушэньні ў нецьвярозым стане, другі і далей. І бачна, што чалавек ніяк не рэагуе, што гэта не выпадковасьць, а сыстэматычныя парушэньні. Такія правілы ў законе, там усё прапісана».

Васіль Парфянкоў настойвае на тым, што яго нават не прывезьлі на суд, які зьмясьціў яго ў ЛПП. Беларусь — адзіная ва Усходняй Эўропе краіна, дзе захавалася сыстэма прымусовага накіраваньня ў ЛПП для лячэньня ад алькагалізму. Паводле старшыні БХК Алега Гулака, гэтая сыстэма насамрэч ня лечыць ад алькагалізму, пра што сьведчыць колькасьць «пацыентаў» ЛПП, якіх штогод не становіцца меней.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства