viasna on patreon

Юрася Беленькага трэці раз аштрафавалі за Курапаты

2014 2014-12-24T12:28:31+0300 2014-12-24T12:28:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bielienki.jpg
Юрась Беленькі. Фота: svaboda.org

Юрась Беленькі. Фота: svaboda.org

Агульны штраф Беленькаму па выніках трох судоў за сёлетнія жалобныя акцыі ў Курапатах і Лошыцы склаў 11 мільёнаў 250 тысяч рублёў.

Суд Менскага раёну прысудзіў сёньня намесьніку старшыні КХП-БНФ Юрасю Беленькаму штраф у памеры 25 базавых велічыняў — 3 750 000 рублёў.

На палітыка быў складзены пратакол за парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства — мітынгу ў Курапацкім лесе на Дзяды 2 лістапада.

Разгляд справы пачаўся яшчэ 3 сьнежня, але некалькі разоў быў пераносіўся.

Судовы працэс вёў судзьдзя Ігар Іглікаў.

«Суд прайшоў у штатным рэжыме, як і два папярэднія за акцыі на Дзяды. Але ў самым канцы я не ўтрымаўся і сказаў суду, што апроч юрыдычнага аспэкту трэба ўлічваць і маральны — „Там людзей нявінных пазабівалі, мы ідзем памянуць, а з нас за гэта грошы бяруць“. Я разумеў, што мне гэта можа пашкодзіць, але ня мог стрымацца. Судзьдзя нават вочы на мяне не падымаў, гледзяў толькі ў свае падрыхтаваныя запісы», — апавёў Юрась Беленькі Радыё Свабода.

«Мне нават незнаёмыя людзі кажуць, што гэтыя суды адбываюцца за мае вострыя выступы на мітынгах. Я думаю, так яно і ёсьць. Ідзе помства за палітычную актыўнасьць, за тое, што праўду кажам. Дык вось каб хоць такую дробную пакасьць робяць», — дадаў палітык.

Гэта трэцяя адміністрацыйная справа, заведзеная на Юрася Беленькага за арганізацыю дазволеных уладамі мітынгу і шэсьця ў Курапаты і Лошыцкі Яр 2 і 9 лістапада адпаведна.

Раней два суды ўжо аштрафавалі палітыка на 7,5 мільёна рублёў за шэсьце ў Курапаты і Лошыцу. Штраф па выніках трох судоў складае 11 250 000 рублёў.

Юрась Беленькі запэўніў, што суды і штрафы ня будуць перашкодай для таго, каб праводзіць аналягічныя мітынгі і шэсьці ў наступным годзе.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства