Выклікі ў суды і міліцыю за акцыю супраць расійскай авіябазы 4 кастрычніка
9 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска будуць разгледжаныя адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў і арганізатараў акцыі "За мірную, нейтральную Беларусь". Пратэстны мітынг супраць размяшчэння расійскай авіябазы адбыўся 4 кастрычніка ў Мінску на Плошчы Свабоды.
Вядома, што на 10.00 раніцы ў суд выклікалі старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. Выклік прыйшоў смс-паведамленнем.
Уладзіміра Някляева таксама выклікалі смс-паведамленнем, але на 14.30. Ісці ў суд ён не збіраецца, бо не давярае беларускай судовай сістэме ў цэлым.
Таксама будуць разгледжаныя адміністратыўныя справы былога палітвязня Мікалая Статкевіча, лідэра руху "Разам" Вячаслава Сіўчыка, актывіста апазіцыі з Кобрына Алеся Меха, актывіста Алеся Таўстыкі мастака Аляксея Марачкіна.
Апроч таго, намесніка старшыні руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча выклікалі па тэлефоне у РУУС Цэнтральнага раёна Мінска для складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні. Такі ж выклік атрымаў і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Пакуль невядома, ці склалі на іх да гэтага часу пратаколы.