viasna on patreon

Папраўчая калонія выплаціла Андрэю Князькову кампенсацыю ў 4000 беларускіх рублёў

2016 2016-08-08T15:03:37+0300 2016-08-08T16:20:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/andrej_kniazkov.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Былы асуджаны Андрэй Князькоў

Былы асуджаны Андрэй Князькоў

Андрэй Князькоў, які атрымаў вытворчую траўму ў папраўчай калоніі №2 г. Бабруйска, па рашэнні суда атрымаў кампенсацыю ў памеры 4 000 (40 000 000) беларускіх рублёў. Аднак, гэта ўсяго толькі пятая частка ад сумы, якую запытваў былы асуджаны.

Таксама ўжо ўступіла ў законную сілу і рашэнне суда Кастрычніцкага раёна г. Магілёва пра выплату розніцы ў пенсіях.

«Суд прызнаў калонію вінаватай, хоць кіраўніцтва калоніі праводзіла сваю праверку і ўстанавіла, што іх віны няма. Аднак суд усё ж такі абавязаў папраўчую ўстанову кампенсаваць мне розніцу паміж пенсіяй і страхавой выплатай - крыху больш за 250 (2 500 000) рублёў», - адзначае Андрэй Князькоў.

У хуткім часе і гэтую кампенсацыю атрымае былы асуджаны.

Цяпер Андрэй Князькоў пры падтрымцы ПЦ "Вясна" звярнуўся да старшыні Магілёўскага абласнога суда з просьбай аб аднаўленні тэрміну на зварот у суд па ўстанаўленні віны РУП ВК №2 г. Бабруйка ў вытворчай траўме, ад якога ён раней адмовіўся па парадзе адваката.

Калі тэрмін будзе адноўлены, былы асуджаны зможа даказаць, што ў атрыманай ім вытворчай траўме віна цалкам ляжыць на адміністрацыі калоніі, якая не выконвала правілы эксплуатацыі абсталявання і ахову працы, чым падвергла яго жыццё небяспецы, а па факце зрабіла інвалідам.

Таксама Андрэй Князькоў плануе звярнуцца да начальніка Дэпартамента выканання прысудаў, каб прыцягнуць да адказнасці асоб, якія не вырашылі пытанні аб налічэнні пенсіі своечасова, а таксама тых, хто не прыняў дадатковую рэчавую перадачу з грамадзянскім адзеннем асуджанаму за месяц да вызвалення, чым вымусілі ў снежні ехаць у летняй вопратцы ў Мінск.

Нагадаем, Андрэй Князькоў быў вызвалены з папраўчай калоніі №2 г. Бабруйска 8 снежня 2015 года, дзе яшчэ ў студзені 2011 года атрымаў вытворчую траўму. Увесь гэты час ён дамагаецца выплатаў за прычыненую фізічную і маральную шкоду, звяртаецца ў розныя дзяржаўныя органы і скардзіцца ў суды, каб дамагчыся справядлівага рашэння па сваёй справе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства