Нежаданне весці працэс па-беларуску суддзя выдае за неабходнасць “аднастайнасці судавытворчасці” Аўдыё
Праваабаронца Алег Мацкевіч патрабуе ад суда Барысаўскага раёна разгляду сваёй скаргі на беларускай мове і абскарджвае дзеянні суддзі Алены Самцэвіч, якая паставіла яму ўльтыматум: ці размаўляеш па-руску, ці не будзе весціся пратакол судовага паседжання.
Спрэчка наконт мовы, на якой будзе разглядацца скарга Алега Мацкевіча, узнікла паміж праваабаронцам і суддзёй на папярэднім паседжанні ў судзе Барысаўскага раёна 1 сакавіка. Сутнасць самой скаргі тычыцца забароны Барысаўскім райвыканкамам пікета да Дня правоў чалавека 2016, што яго заяўнікі Алег Мацкевіч і Марына Статкевіч расцэньваюць як парушэнне свайго права на свабоду мірных сходаў. Пры высвятленні пазіцый бакоў па скарзе Алена Самцэвіч звярнулася да Алега Мацкевіча з просьбай даваць тлумачэнні на рускай мове і патлумачыла гэта судзейскім штампам: «у мэтах аднастайнасці судавытворчасці». На гэта праваабаронца заўважыў, што мае права карыстацца адной з дзяржаўных мовай на свой выбар і ў адпаведнасці са сваімі перакананнямі. У адказ суддзя паведаміла, што сакратар судовага паседжання не валодае беларускай мовай і не зможа весці пратакол судовага паседжання.
Слухайце аўдыё:
У звязку з гэтым, праваабаронца 2 сакавіка накіраваў на імя старшыні суда Барысаўскага раёна зварот, у якім просіць забяспечыць яму канстытуцыйнае права карыстацца беларускай мовай і прыняць захады па вядзенні судовага пратаколу на дзвюх дзяржаўных мовах.
Другі зварот праваабаронцаў на імя старшыні райсуда тычыцца яшчэ аднаго незаконнага патрабавання Алены Самцэвіч: на пачатку папярэдняга паседжання яна папрасіла Марыну Статкевіч, якая разам з Алегам Мацкевічам падавала заяўку на пікет, выдаліцца з кабінету і абгрунтавала сваё рашэнне тым, што на папярэднім паседжанні маюць права прысутнічаць толькі бакі справы і зацікаўленыя асобы, якой, на яе думку, Марына Статкевіч не з’яўляецца. Каб не правакаваць канфлікт, тая падпарадкавалася патрабаванням суддзі, але вырашыла іх абскардзіць. Спасылаючыся на нормы Канстытуцыі і Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, праваабаронца просіць прыняць неабходныя захады па спыненні парушэння суддзямі Барысаўскага суда прынцыпа адкрытасці і галоснасці судовага працэсу.
Наступнае паседжанне па скарзе Алега Мацкевіча на забарону пікета прызначана на 9 сакавіка.
Нагадаем, напрыканцы лістапада 2016 года праваабаронцы Алег Мацкевіч і Марына Статкевіч звярнуліся ў Барысаўскі райвыканкам з заяўкай на правядзенне ў горадзе, на пляцоўцы ля ўніверсаму “Веста”, пікета з мэтай віншавання грамадзянаў з Днём правоў чалавека. Да заяўкі праваабаронцы прыклалі меркаванні Камітэта па правах чалавека ААН па сваёй скарзе на адмову ў пікеце ў 2009 годзе, у якіх было прызнана парушэнне іх права на мірныя сходы і свабоду выказвання. Не зважаючы на нейтральны характар запланаванага пікету і рашэнне экспертаў аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі, барысаўскія ўлады ў чарговы раз адмовілі праваабаронцам у яго правядзенні.