Слонім: Агітацыйным плакатам абвешчана вайна
Слонімскія актывісты БХД і Партыі БНФ звярнуліся з заявамі ў Слонімскі РАУС і Слонімскую раённую выбарчую камісію з нагоды таго, што па ўсім горадзе ідзе проста ашалелая вайна супраць размяшчэння плакатаў альтэрнатыўных кандыдатаў. Гэта датычыць у першую чаргу тых месцаў, дзе дазволена іх размяшчаць згодна з рашэннем Слонімскага райвыканкама ад 22 лістапада 2010 года № 967.
Толькі ў аўторак, 7 снежня, дырэктар гандлёвага дома “Престиж” Галіна Казялецкая сарвала ў краме плакаты Рыгора Кастусёва. Актывіст партыі Іван Шэга сказаў, што калі ён балатаваўся ў мясцовыя Саветы, гэтая ж самая спадарыня Казялецкая зрывала і ягоныя плакаты.
Загадчыца аптэкі № 5 на Чырвонаармейскай вуліцы таксама сарвала і выкінула плакаты Рыгора Кастусёва.
Не захацела вывесіць агітацыйныя матэрыялы Віталя Рымашэўскага загадчыца дзіцячай раённай паліклінікі Людміла Дзягель. Яна сказала, што ёй забараніў намеснік галоўнага ўрача бальніцы Ігар Калінічаў, а яна яму падпарадкоўваецца.
Загадчыца Слонімскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Ларыса Рэпінская паведаміла, што яна сама павесіць плакаты Віталя Рымашэўскага ў бібліятэках горада. Але прайшло некалькі дзён, а плакаты так і не вывешаны, а ляжаць у яе кабінеце.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”