У Маладэчне выбаршчыкі сустракаліся з даверанымі асобамі Някляева, у Бярозе – Саннікава
Маладэчна
8 снежня ў Маладэчне адбылася сустрэча выбаршчыкаў з Віктарам Гарбачовым і Васілём Лявонавым, даверанымі асобамі Ўладзіміра Някляева. На сустрэчы прысутнічала больш за сотню чалавек. Па звестках назіральнікаў, у некаторых установах (Цэнтральнай бібліятэцы, навучальных установах) кіраўніцтва адкрыта запрашала на мерапрыемства.
Сярод прысутных таксама былі прадстаўнікі ідэалагічнага актыву раёна, якія дэманстратыўна чыталі “СБ.Беларусь сегодня”. Не абыйшлося і без правакатараў, якія, праўда, не мелі поспеху.
Актыўна сябе паводзіла моладзь. Многія пытанні датычыліся выхаду пасля выбараў на Плошчу. Часам нават было незразумела, ці гэта сапраўды шчырыя маладзёны, ці ўсё ж правакатары, якія чакалі, калі выступоўцы выкажуць штосьці “рэвалюцыйнае”.
Напярэдадні мерапрыемства ў “Маладзечанскай газеце” было абвешчана, што з выбаршчыкамі будзе сустракацца сам Някляеў. Таму, па назіраннях, многія прысутныя былі расчараваны, калі даведаліся, што кандыдат не прыехаў.
Бяроза
У гэты ж дзень у Бярозе ў філіяле Дома культуры на вуліцы Камсамольскай адбылася сустрэча выбаршчыкаў з даверанымі асобамі Андрэя Саннікава -- першым міністрам абароны сувэрэннай Беларусі Паўлам Казлоўскім і даверанай асобай Саннікава ў Брэсцкай вобласці Зінаідай Міхнюк.
Сустрэча доўжылася больш за 2 гадзіны, прысутнічала 30 чалавек. Асноўны час прыйшоўся на дыскусіі і адказы на пытанні. На ўсе пытанні Казлоўскі адказваў аргументавана і па-ваеннаму дакладна. І пасля сустрэчы людзі яшчэ падыходзілі індывідуальна, каб пагутарыць з даверанымі асобамі.
Варта адзначыць, што мала хто з прысутных даведаўся пра сустрэчу з аб’яваў: не паспявалі іх вывесіць, як яны тут жа зрываліся. Дапамагла раённая газета “Маяк”, на першай старонцы якой была размешчана аб’ява пра сустрэчу.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”