“Вечерний Гродно” ўводзіць выбаршчыкаў у зман
Рэгіянальная газета “Вечерний Гродно” зноў увяла выбаршчыкаў у зман. У нумары ад 8 снежня на трэцяй старонцы размешчаны графік сустрэч кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь з гродзенскімі жыхарамі. У нататцы пад назвай “Где ещё можно встретиться с кандидатами” указаны памяшканні, у якіх будуць праводзіцца сустрэчы. Паведамляецца, што 11 снежня 2010 г. Уладзімір Някляеў сустрэнецца з выбаршчыкамі ў 16 гадзін у памяшканні Гродзенскай абласной філармоніі, а Рыгор Кастусёў 11 снежня ў 19.00 у актавай зале ААТ “Радыёхваля”. Дадзеная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Згодна з звесткамі штабоў кандыдатаў, Уладзімір Някляеў сустракаецца з выбаршчыкамі 11 снежня ў 16 гадзін у актавай зале ААТ “Радыёхваля” па вул. Горкага, 89, а Рыгор Кастусёў 11 снежня ў 19 гадзін у Гродзенскай абласной філармоніі па вул. Гарнавых,17.
З прычыны такой дэзінфармацыі Вадзім Саранчукоў, давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Рыгора Кастусёва, падаў скаргу ў Гродзенскую абласную камісію па выбарах. Вадзім Саранчукоў для забеспячэння права выбаршчыкаў на атрыманне інфармацыі пра кандыдата ў Прэзідэнты патрабуе абавязаць рэдакцыю размясціць у наступным нумары газеты “Вечерний Гродно” (ён выйдзе толькі праз тыдзень) перадвыбарчую праграму Рыгора Кастусёва. Акрамя гэтага, давераная асоба кандыдата прапануе размясціць у газеце “Гродзенская праўда”, чарговы нумар якой выйдзе якраз 11 снежня, інфармацыю, якая ўкажа на памылковасць звестак артыкулу, размешчанага ў газеце “Вячэрні Гродна” і падаць дакладныя звесткі пра час і месцы сустрэчы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”