Слуцк. Агітацыйныя матэрыялы Саннікава зафарбавалі - пададзена скарга
Уладзімір Лемеш, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, 9 снежня звярнуўся са скаргамі ў Слуцкую раённую выбарчую камісію і Слуцкі райвыканкам.
"Мы выявілі, што на многіх тумбах плакаты ў падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава заклейваліся і пашкоджваліся. Каля тумбы каля ўніверсама № 32 па вуліцы Багдановіча нашы актывісты зрабілі заўвагу маладым людзям, якія заклейвалі агітацыйныя матэрыялы ў падтрымку Саннікава велізарнымі рэкламнымі плакатамі. У адказ яны сказалі, што робяць гэта па загадзе начальства. Па загадзе якога начальства - патлумачыць адмовіліся. Таксама агітацыйныя плакаты Саннікава псаваліся сіняй фарбай".
На думку даверанай асобы Саннікава, гэтыя факты сведчаць аб парушэнні арт.45 Выбарчага кодэкса, у адпаведнасці з якій "не дапускаюцца зняццё, заклейванне, замазванне, пашкоджанне плакатаў, калі гэтыя плакаты выраблены і размешчаны з захаваннем патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь". Да скаргаў прыкладзены фотафакты. Аб перашкодах у агітацыі за дэмакратычнага кандыдата штаб Саннікава праінфармаваў назіральнікаў АБСЕ.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"