Баранавічы: Плакаты апазіцыйных кандыдатаў сістэматычна знішчаюць
У Баранавічах значна павялічылася колькасць каляровых плакатаў апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, але “невядомыя” асобы іх сістэматычна рвуць. Давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава ў Баранавічах Віктар Мезяк адзначыў, што на месца сарванага плаката гарадскія актывісты наклейваюць два новых, а калі і гэтыя зрываюць, то наклейваюць ужо чатыры новых. У сувязі з тым, што плакаты рэгулярна рвуць, паведаміў Віктар Мезяк, мясцовыя валанцёры пастараліся дадаткова вывесіць каляровыя агітацыйныя плакаты ва ўсіх ЖЭСах і гарадскіх бібліятэках.
Каб лепш інфармаваць выбаршчыкаў, гарадскія актывісты павялічылі колькасць пікетаў у падтрымку апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Найбольш актыўна распаўсюджваюць улёткі і інфармацыйныя матэрыялы перадвыбарчыя штабы Уладзіміра Някляева, Андрэя Саннікава, Віталя Рымашэўскага і Алеся Міхалевіча. У выходныя дні працу гарадскіх актывістаў найперш можна пабачыць у пікетах на трох галоўных кірмашах горада, дзе яны раздаюць улёткі і іншыя інфармацыйныя матэрыялы кандыдатаў у прэзідэнты.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Фота: Парваны плакат Андрэя Саннікава