Гродна: Сустрэча з Саннікавым выклікала сапраўдны фурор
Прыезд кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава ў горад над Нёманам выклікаў сапраўдны ажыятаж выбаршчыкаў. На сустрэчу, якая праходзіла ў памяшканні Гродзенскай абласной філармоніі, прыйшло каля тысячы чалавек. Так што зала гэтай установы не змагла змясціць усіх ахвотных паслухаць кандыдата, людзі стаялі ў праходах і нават фае. Бадай, такой перапоўненай залы на сустрэчы з апазіцыйным палітыкам не збіралася ў Гродне з пачатку 1990-х гадоў, калі прыязджаў старшыня БНФ Зянон Пазняк.
Андрэй Саннікаў прыехаў на сустрэчу з вялікай камандай, яго суправаджалі першы кіраўнік суверэннай беларускай дзяржавы Станіслаў Шушкевіч, вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў, былы міністр абароны Павал Казлоўскі, іншыя давераныя асобы. Названыя лідэры мелі кароткія выступы на пачатку сустрэчы, пасля чаго Андрэй Саннікаў адказаў на шматлікія пытанні выбаршчыкаў, на некаторыя пытанні адказвалі таксама сябры яго каманды. Сярод іншага лідэр “Еўрапейскай Беларусі” пацвердзіў праграмны курс на збліжэнне з Еўрасаюзам і захаванне выгодных эканамічных стасункаў з Расіяй, заявіў пра патрэбу вяртання беларускай нацыянальнай сімволікі і беларускай мовы як адзіна дзяржаўных, выклаў іншыя праграмныя тэзісы. Некаторыя адказы выклікалі значныя апладысменты падтрымкі. Правакацыйных пытанняў было няшмат і іх задавалі ўсё тыя ж “штатныя” асобы, якія былі і на ранейшых сустрэчах з іншымі апазіцыйнымі кандыдатамі.
У канцы сустрэчы Андрэй Саннікаў яшчэ раз заклікаў выбаршчыкаў прыехаць на плошчу 19 снежня, каб разам мірным шляхам адбараніць свой дэмакратычны выбар. Лозунг кандыдата “Гісторыя робіцца сёння” быў дамінантай усяго спаткання.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”