Маніторынг СМІ: У асобных дзяржаўных медыях апазіцыю пачалі асацыяваць з наркадылерамі і алкаголікамі
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прэзентавала бюлетэнь № 3 маніторынгу “Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2010 ў беларускіх СМІ” (21 лістапада – 10 снежня 2010 г.)
Аўтары маніторынгу адразу звяртаюць увагу на той факт, што гэта быў самы актыўны перыяд выбарчай кампаніі, у які кандыдаты праз газеты, радыё і тэлебачанне звярнуліся да выбаршчыкаў са сваімі праграмамі. Праўда, асноўная схема асвятлення выбарчага працэсу засталася нязменнай.
Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі вельмі суб’ектыўна падаюць інфрамацыю аб апазіцыйных кандыдатах, у радзе выпадкаў нават марганалізуюць іх праграмы і дзеянні. Па-ранейшаму большасць газетных плошчаў і эфірнага часу ўдзяляецца аднаму вядомаму кандыдату ў прэзідэнты. Паведамляючы пра дадзеныя розных сацыялагічных апытанняў, часта без указання, хто іх праводзіў, тыя ж самыя СМІ ствараюць эфект перадвызначанасці вынікаў галасавання.
Недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі не апускаюцца да адкрытай дыскрэдытацыі кандыдатаў у прэзідэнты, стараюцца падаваць пра іх інфармацыю разнастайную і аб’ектыўную.
Дзяржаўныя СМІ: Яго Вялікасць “Неперсаніфікаваны кандыдат”
У абсалютнай большасць дзяржаўных СМІ “яшчэ больш выразнай стала тэндэнцыя да дэперсаніфікацыі альтэрнатыўных кандыдатаў”. Напрыклад, вядомая праграма “Панарама” (Першы нацыянальны канал Беларускага тэлебачання) суб’екту “неперсаніфікаваны кандыдат” праграма адвяла амаль 36% часу. Аўтары маніторынгу такі фенамен тлумачыць наступным чынам -- апазіцыя не мусіць быць пазнавальнай (альбо, інакш кажучы, “усе апазіцыянеры на адзін твар”).
“Параўнальна з папярэднімі перыядамі маніторынгу тэма выбараў атрымала у гэтай праграме больш часу: 10,6% ці 1 гадзіну і 23 хвіліны. Але галоўнай тэмай усё ж не стала. Бо амаль 2 гадзіны праграма адвяла асвятленню падрыхтоўкі, працы і вынікаў Усебеларускага народнага сходу, скіраванасць якога на падтрымку дзеючага прэзідэнта была відавочная як у каментарах журналістаў, так і дэлегатаў”.
Адзначылася “Панарама” і новым падыходам ў асвятленні дзеянняў апазіцыі – цяпер яе асацыяцуюць з наркадылерамі і алкаголікамі. Хочацца прывесці дзве цытаты з сюжэта “Оппозиционная молодежь массово спивается” (праграма “Панарама” ад 22.11.2010): “Целая плеяда видных борцов с диктаторским режимом занимается наркотой”. “Употребление алкоголя и чего-то покрепче – это норма для современной оппозиционной молодежи”.
Разам з тым, пакуль вядучыя дзяржаўныя тэлеканалы краіны ні разу не прадаставілі свій эфірны час для альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, дзейнасць якіх на тых жа каналах перадузята ці тэндэнцыйна асвятлялася.
Праўда, у рэгіянальных СМІ ўвогуле не хочуць узгадваць нават прозвішчы кандыдатаў у прэзідэнты! Акрамя, канечне, аднаго.
Так, праграма “Навіны Рэгіён” (тэлерадыёкампанія “Гомель”), ніводнага разу не ўзгадала прозвішчаў супернікаў дзеючага прэзідэнта, суб’екту “неперсаніфікаваны кандыдат” адвяла 83% часу. А аналагічная праграма тэлерадыёкампаніі “Магілёў” не ўзгадала альтэрнатыўных кандыдатаў увогуле, нават і ў неперсаніфікаванай форме.
Вельмі цікавы падыход у журналістаў дзяржаўных сродкаў інфармацыі да такога жанру як апытанне.
Возьмем, напрыклад, Першы нацыянальны канал, тыднёвая аналітычная праграма “В центре внимания” ад 28.11.2010. “В Беларуси стартовала агитационная кампания, в том числе, теле- и радиовыступления кандидатов в президенты. Реакция экспертов и “простых избирателей”. Сюжэт пабудаваны на апытанні грамадзянаў на вуліцах розных гарадоў Беларусі, цытаванні з інтэрнэт-рэсурсаў, у тым ліку незалежных. Абсалютна ўсе рэспандэнты рэзка крытыкавалі выступы альтэрнатыўных кандыдатаў.
Прычым, такі падыход уласцівы не толькі для Першага нацыянальнага каналу, але і для падаўляючай большасці іншых дзяржаўных медыя-рэсурсаў краіны.
Недзяржаўныя СМІ кандыдатаў у прэзідэнты персаніфікуюць
“Комсомольская правда в Беларуси” за азначаны перыяд пра А.Лукашэнку пісала менш, а пра яго супернікаў больш. Праўда, калі першы падаваўся пераважна станоўча, то яго апаненты – выключна нейтральна.
Інтэрнет-газета naviny.by старалася даваць роўна месца як дзеючаму кіраўніку дзяржавы, так і яго канкурэнтам. Я. Раманчук атрымаў амаль 13% плошчы сайта параўнальна з усімі астатнімі суб’ектамі маніторынгу, Лукашэнка -- 12%, Ул. Някляеў – амаль 10% , Р. Кастусёў – 8%, А. Саннікаў, М. Статкевіч і А. Міхалевіч -- больш за 6%), а В. Цярэшчанка і Дз. Ус – адпаведна больш за 5% і 3%. Ацэнка дзейнасці гэтых кандыдатаў і іхніх праграм была надзвычай збалансаваная.
Газета “Наша ніва” усёткі больш увагі ўдзяліла А.Лукашэнку (33%). Напрыклад, Я.Раманчук атрымаў толькі 11 працэнтаў газетнай плошчы. Праўда, гэтае выданне дзейнасць цяперашняга прэзідэнта ацэньвала нейтральна і негатыўна, а Я. Раманчука – станоўча.
Вось як пракаментаваў вынікі трэцяга маніторынгу сродкаў масавай інфармацыі, які правёў БАЖ медыя-эксперт Васіль Бусел: “Пакуль А.Лукашэнку ўдалося дасягнуць пэўных поспехаў на знешніх “франтах” – кіраўнікі ЗША, Еўрасаюза і Расіі сустракаліся апошнім часам як з самім нашым прэзідэнтам, альбо з яго даверанымі асобамі, што можна расцаніць як пэўную форму падтрымкі напярэдадні галасавання 19 снежня. Таму дзяржаўны агітпроп пакуль не задзейнічалі на ўсю моц. Разам з тым, з’яўленне ў СМІ заявы кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіміра Макея пра “дэструктыўныя” планы апазіцыі даюць глебу для таго, што ў дзяржаўных сродках з’явяцца, умоўна кажучы, “пацукі”, якіх натраўлівае злосная апазіцыя на “сумленных грамадзян”, і “мільенныя” рахункі некаторых асноўных фігурантаў выбарчых кампаній асобных кандыдатаў у прэзідэнты. Дый шмат іншага”.
ДАРЭЧЫ
Нагадаем, што даследванні падсумоўваюцца на падставе аналізу праграм і матэрыялаў наступных медыа-рэсурсаў:
- тэлебачанне і радые:
Першы нацыянальны канал, ( праграма “Панарама”), ОНТ (навінная праграма “Наши новости”), Першы нацыянальны канал (тыднёвая аналітычная праграма “В центре внимания”), Нацыянальнае радыё, 1 праграма "Радыёфакт”, "Первый городской" ТБ, Экспрэс 101,3 FM, “Новости региона” (Магілёў), Абласное радыё (Магілёў);
- Інтэрнет-рэсурсы:
- друкаваныя СМІ:
"Беларусь сегодня" (“Советская Белоруссия"), "Народная воля”, “Рэспубліка”, “Белорусы и рынок”, “Наша ніва”, “Комсомольская правда в Белоруссии», "Гомельская праўда”, “Могилёвская правда”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Файлы
- Маніторынг СМІ 21.11.2010 10.12.2010 (0.40 Mb)