Салігорскі “Шахцёры”: Альтэрнатыўныя кандыдаты -- абязлічаны
Салігорская раёнка "Шахцёр" прысвяціла першую паласу свайго апошняга нумару кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Лукашэнку. У сваю чаргу, фотаздымкаў і праграм іншых кандыдатаў змешчана не было ні ў адным з нумароў газеты.
Палову першай старонкі газеты "Шахцёр" ў нумары №191-194 (2010) займае фотаздымак з выявай кандыдата Аляксандра Лукашэнкі падчас яго выступу на Усебеларускім сходзе. Другая палова аддадзена ягоным перадвыбарчым абяцанням.
Іншыя кандыдаты на пасаду прэзідэнта не толькі ў гэтым нумары, але ж і за ўвесь перыяд выбарчай кампаніі ў газеце амаль не ўзгадваліся, а калі згадваліся, то ў негатыўным кантэксце.
Гірэль Жанна (аўтарскі псеўданім Вікторыя Раманава), загадчыца грамадска-палітычнага аддзела газеты "Шахцёр" і па сумяшчальніцтве "рупар" дзяржаўнай прапаганды ў рэгіёне, у апошнім нумары газеты актыўна выкрывае альтэрнатыўных кандыдатаў і ўсхваляе дзеючага кіраўніка краіны. Даходзіць да абсурду - у артыкуле пад назвай "Толькі канстатацыя фактаў" Жанна Гірэль не прыводзіць ніводнага прозвішча, а супернікаў Лукашэнкі называе "адзін з кандыдатаў", "адзін з іх".
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што газета ўсё ж змясціла інфармацыю аб сустрэчах альтэрнатыўных кандыдатаў з жыхарамі гораду. Праўда, зроблена гэта было ў дадатку "Дзелавы Салігорск" сярод сотняў іншых камерцыйных абвестак...
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”