Блог Алеся Бяляцкага: VIII. Дзень другі. “Сонца хілілася на захад, а немцы рваліся да Грознага”
Мы жывем з Сяржуком у адным нумары гатэля. Так вырашылі, калі зьбіраліся, што будзем жыць разам дзеля бясьпекі, каб ведаць пра адзін аднаго, хоць нам і прапаноўвалі асобныя нумары.
Ноччу сьніўся сон пра зону. Начальнік калоніі кажа мне, што паперы пайшлі і што мяне хутчэй за ўсё вызваляць. Я перажываю, што не пасьпяваю на праверку. Вакол мяне ідзе нейкая “двіжуха”, тусуецца ў атрадзе народ. Размаўляю зь імі. Сапраўдны шыракафарматны каляровы фільм з эмоцыямі і перажываньнямі. Мабыць справа Аюба так паўплывала на падсьвядомасьць.
Гэтыя сны пра калонію сьняцца мне час ад часу, і кожны раз, прачнуўшыся, уздыхаеш з палёгкаю – гэта ўсяго быў толькі сон. Часта сьніцца той самы сюжэт, што мяне выпусьцілі часова, і што я павінен абавязкова вярнуцца, каб дасядзець сваё. І я вяртаюся, і сяджу, згубіўшы лік дзён, чакаю, калі выпусьцяць. Не хацелася, каб гэты сон спраўдзіўся, але не ад нас гэта залежыць.
Падчас маёй адсідкі ў турмах сваіх краінаў таксама сядзелі Набіл Раджаб у Бахрэйне і адвакатка Насрын Сатутдэх у Іране.
З Набілам мы бачыліся на агульных сустрэчах Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека ў Парыжы. Нешматслоўны, заўсёды з густам апрануты, у белай кашулі і залатых запінках, з чорнымі, аж сінімі валасамі Набіл нагадваў не праваабаронцу, а якога-небудзь галівудзкага актора. Са сваёй турмы Набіл тэлефанаваў у Парыж і перадаваў мне падтрымку і прывітаньне.
Некалькі паштовак у падтрымку Насрын галандскае Эмнесьці Інтэрнэйшнл пераблытала і ўклала ў пакет для мяне, і я атрымаў іх у бабруйскай калоніі і затым адаслаў назад, каб галандцы адправілі іх Насрын.
Іх выпусьцілі раней за мяне, і я быў вельмі рады за сваіх калег па няшчасьці і барацьбе. Затым я выйшаў, а іх ізноў пасадзілі. Набіл паехаў на сем гадоў; Насрын, якую абвінавацілі ў змове, у паклёпе, у парушэньні грамадскага парадку, урэшце ў заахвочваньні людзей у прастытуцыі і выступе ў судзе без хіджабу - ці то на сем, ці то на дзесяць, ці то на трыццаць восем гадоў, ніхто дакладна сказаць ня можа. Іранскія ўлады прысудзілі ёй яшчэ больш за сто ўдараў бізуном, і калі гэта выканаюць, яны заб’юць яе. Справы праваабаронцаў у Іране пагоршыліся, і сотні, а можа і тысячы чалавек пайшлі ў турму. Хто можа гарантаваць, што тое самае не адбудзецца і ў нас.
Раніца. Мы прачынаемся і чамусьці пачынаем наўзаем дэкламаваць немаведама адкуль узгаданы радок: “Сонца хілілася на захад , а немцы рваліся да Грознага”. Сапраўды, падчас той яшчэ, другой сусьветнай вайны Грозны называлі нафтавым горадам, а немцы да яго так і не дайшлі. Затое ў 90-я яго расстралялі расійскія танкі.
Суд прызначаны на дзесятую ранку. Мы сьнедаем у гатэлі і без дзесяці дзевяць выходзім на вуліцу. Усё гэтак жа ў файе сядзяць-сумуюць хлопцы з гатэльнай аховы, а пры ўваходзе стаіць паліцэйская машынка. Мы аглядаемся і бачым каля суседняга хмарачоса чорную таёту сваяка Аюба. Мы падыходзім, вітаемся і хаваемся ў суседнюю кавярню, каб не туляцца навідавоку. Там ужо сядзяць-п’юць каву дзяўчыны: Ю., якая жыве ў Грозным ужо некалькі месяцаў, прыехала сюды ў ліпені, як толькі пачаўся суд над Аюбам, і журналістка з Новай газеты Алена.
Алена распавядае, што першы раз прыехала па справе Аюба праз тыдзень пасьля яго затрыманьня. Абставіны былі нярвовымі, і яны жылі ў суседняй Інгушэціі, а ўдзень разам з адвакатам Пятром Заікіным прыяжджалі ў Шалі, дзе ў ІЧУ трымалі тады Аюба. За імі ў Чачні пастаянна езьдзіла машына, праваджала роўна да мяжы з Інгушэціяй, а потым зьнікала. Тады ж Рамзан на сустрэчы з мясцовымі сілавікамі закаціў цэлую прамову супраць Аюба Ціціева, знарок не называючы ягонага імя.
Я п’ю добрую каву ў кавярні з утульным прыгожым інтэр’ерам і чытаю з тэлефона гэтую прамову Рамзана:
“Кажуць, аднога наркамана ўзялі супрацоўнікі МУС… З-за яго затрыманьня ва ўсім сьвеце пра чачэнскі народ гавораць… ААН, Дзярждэп, яшчэ хтосьці… З-за таго, што затрымалі нейкага таварыша з Курчалоя, Дзярждэп з Амерыкі выйшаў з заклікам адпусьціць яго! А яны ведаюць, колькі наркаманаў мы затрымалі ў Чачні? Мы тысячамі затрымалі наркаманаў, і ніхто не выйшаў… А калі ўзялі іхняга наркамана – гэты сьвет паўстаў!..
Учора я размаўляў з чалавекам, які моцна паліў анашу. Калі ён распавядае, нават спакуса зьяўляецца пакурыць яе, так ён прыгожа апісвае: калі добра выкурыць яе, кажа, тады пачынаюць працаваць абодва мозга…
Мабыць яны паляць яе для разумовага разьвіцьця, каб лягчэй было “стучаць”… Яны сьцьвярджаюць, што бароняць правы чалавека. Ніякія яны не праваабаронцы, нішто яны, яны – прадажныя тварыны… Ім бяз розьніцы, што скажуць, як скажуць, абы атрымаць сабе сто даляраў і каб было куды “стучаць”… У іх няма радзімы, нацыі няма, рэлігіі няма ў гэтых людзей. У іх ёсьць інтарэс. Я вельмі дзіўлюся чалавеку, які называе сябе чачэнцам і працуе на іх. Ім трэба ведаць, што ў нашай рэспубліцы іхняя праца ня пройдзе”.
Неяк дзіўна ён піша пра “работу двух мазгоў”, прыкмячаю я, як быццам бы сам ведае, не са слоў нейкага наркамана, як гэта “ўстаўляе”. Праз некалькі гадзінаў пасьля гэтага выступу кіраўніка Чачні, героя Расіі Рамзана Кадырава, невядомыя спалілі офіс Мемарыялу ў Назрані.
Я пытаюся ў дзяўчат, што ж было апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпеньня Рамзана і ягонай хеўры ў адносінах да Аюба? Яму ж удавалася трымаць працу офіса і пазьбягаць арышту некалькі гадоў. Ужо дзесяць гадоў таму, пасьля суду Рамзана Кадырава з Алегам Арловым, “Мемарыял” быў для Рамзана як чырвоная ануча для быка. Дзяўчыны падказваюць мне: уначы з 25 на 26 студзеня мінулага 2017-га году на тэрыторыі грозьненскага палка ППС імя Ахмата Кадырава без суда, уціхую, расстралялі дваццаць сем чалавек. Усе – маладыя хлопцы. Іх затрымлівалі, мабыць падазраючы ў экстрэмізме, але не прад’яўлялі ніякіх абвінавачваньняў, відаць, доказаў не было. Рассстраляных разьвезьлі па розных могілках і закапалі ў ананімных магілах.
Да Аюба зьвярталіся некаторыя з сваякоў расстраляных. Затым была публікацыя пра гэтае масавае пакаранне ў Новай газеце і зварот Новай газеты да амбудсмэна Расіі Тацьцяны Маскальковай. І хоць следчы камітэт, які правяраў гэтыя дадзеныя, нічога не “знайшоў”, патаемная пазасудовая экзэкуцыя стала шырока вядомай. Бралі ў ёй удзел сілавікі, блізкія да Рамзана.
“Не камандзір жа палка прыймаў такое рашэньне”, – думаю я.
За кантроль над Чачнёй, Рамзану і ягонай хеўры Пуцін даруе багата што. Але ж “не заўважыць” расстрэл 27-мі чалавек, сваіх грамадзянаў – гэта ўжо занадта. Віна за іх забойства кладзецца ня толькі на Рамзана, а на Крэмль таксама. Кошт чалавечага жыцьця ў Расіі заўсёды быў невысокім.
“Не-е-е, Расія гэта не Беларусь”,– думаю я.
Чытайце таксама:
ІІ. Расійская амбасада, менскі аэрапорт і Акзам
III. Парыж, Шарамецьева, Рамзан Кадыраў і Алег Арлоў
IV. Андрэй Белы, Кастусь Каліноўскі і прафесар Марзалюк
V. “Грозны – цэнтр міру!” Мянялы і Грозны-сіці
VI. “Сэрца Чачні”, праспект Пуціна, вуліца Назарбаева, завулак Лукашэнкі
VII. Грозьненскі музей і прагулкі з Сьвятланай Ганнушкінай па беразе Сунджы